Бізнэсоўцу, які ў эфіры БТ заклікаў «не пратэставаць, каб захаваць Беларусь», пагражае да 8 гадоў турмы

02.09.2020

Сьледчы ізалятар КДБ
Сьледчы ізалятар КДБ

Бізнэсоўцу Юрыя Васкрасенскаму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Цягам апошніх двух тыдняў Беларуская тэлевізія паказала два сюжэты зь нібыта прызнаньнямі бізнэсоўца Юрыя Васкрасенскага, якога назвала арганізатарам акцый пратэстаў ва Ўруччы. У сюжэтах яго называюць каардынатарам штаба Віктара Бабарыкі.

З 12 жніўня Васкрасенскі знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Прычым, паводле БТ і КДБ, Васкрасенскі сам прыйшоў з чыстасардэчным прызнаньнем. Па вэрсіі жонкі бізнэсоўца Алены Васкрасенскай, сілавікі 12-га раніцай уварваліся ў кватэру і жорстка затрымалі Юрыя.

«Юрыю інкрымінуецца асабісты ўдзел у масавых беспарадках, але гэтага не было»

Адвакат Юрыя Васкрасенскага Міхаіл Кірылюк патлумачыў Свабодзе, што Юрыю выстаўлена абвінавачваньне паводле артыкулу 293 часткі 2 — удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся «гвалтам над асобай, пагромамі, зьнішчэньнем маёмасьці альбо ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады», як прапісана ў Крымінальным кодэксе.

Юрыю інкрымінуецца ўдзел. Частка 2 артыкулу 293 прадугледжвае менавіта асабісты ўдзел у масавых беспарадках, але гэтага не было. Пакараньне паводле гэтага артыкулу — ад 3 да 8 гадоў. Наша зь Юрыем пазыцыя — што ён цалкам невінаваты, ён ніякіх дзеяньняў, якія яму інкрымінуюць, не ўчыняў», — тлумачыць Міхаіл Кірылюк.

Адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні зьвестак, таму ня можа агучыць некаторую інфармацыю, якая стала яму вядомая падчас сьледзтва. Да таго ж ён пакуль не азнаёміўся з поўнымі матэрыяламі справы. Але Міхаіл Кірылюк заяўляе пра абсалютную невінаватасьць свайго падабароннага.

Нават калі лічыць добраахвотным прызнаньнем тое, што паказала БТ (хаця я не лічу гэта прызнаньнем), я бачу поўную неадпаведнасьць тых заяваў, якія зьявіліся ў публічнай прасторы і якія ўжо не адносяцца да тайны сьледзтва, з крымінальным артыкулам.

У сюжэце ён кажа, што нібыта ён даў грошы на пакупку лазэрных указак. У крымінальным артыкуле ёсьць фармулёўка „ўзброены супраціў работнікам міліцыі“ Аднак указка — гэта ня зброя. Указка — канцылярскі тавар. Прабачце за параўнаньне, але паводле лёгікі, што да гэтага артыкула, ён павінен быў асабіста „засьвяціць“ амапаўцу ў твар, і той мусіў атрымаць траўму», — разважае адвакат.

«Калі б у сьледчых былі рэчавыя доказы, мы б іх таксама ўбачылі па БТ»

Відэа, якое неаднаразова «круцілі» па некалькіх дзяржаўных тэлеканалах з 19 па 23 жніўня, адвакат Юрыя Васкрасенскага раскладае на дзьве часткі: крымінальную і палітычную.

Першая частка — гэта прызнаньне ў крымінальным злачынстве. Хаця, на мой погляд, маючы чыстасардэчнае прызнаньне чалавека, сьледчыя КДБ нават не змаглі яго правільна кваліфікаваць. Ён прызнаецца, што даваў грошы на ўказкі, а яму інкрымінуюць асабісты ўдзел.

Сьледчыя пачалі з публічнай заявы Юрыя, яны вырашылі выкласьці матэрыялы, каб прадэманстраваць сьвету, што затрымалі не палітыка, а сапраўднага тэрарыста. А дзе доказы? Калі б у іх былі рэчавыя доказы, мы б іх таксама ўбачылі па БТ. Але гэтага мы не пабачылі», — перакананы адвакат.

«Магчыма, гэта частка нейкіх дамоўленасьцяў»

Што да палітычных заяў, якія нібыта рабіў Юры Васкрасенскі, тут адвакат выказвае сваё шчырае зьдзіўленьне.

Навошта ты робіш палітычныя заявы, зьвяртаесься да сваіх паплечнікаў, седзячы ў СІЗА КДБ? І навошта супрацоўнікі КДБ гэта запісваюць і трансьлююць па БТ? Бо звычайна, зыходзячы з маёй практыкі, калі ты ў судзе пачынаеш адхіляцца ад сутнасьці крымінальнай справы, пачынаеш расказваць пра свае погляды, што цябе прымусіла ісьці туды, пракурор, судзьдзя, сьледчы цябе рэзка спыняюць, маўляў, „гэта ня мае дачыненьня да справы, гаварыце пра факты, вашы погляды нам не цікавыя“. Суду, органам дазнаньня, сьледзтва заўсёды важныя факты. А тут Васкрасенскі пачынае дзяліцца сваімі неверагодна каштоўнымі думкамі: маўляў, „моладзь, ідзіце дадому, не пратэстуйце на вуліцах, інакш мы згубім Беларусь“.

Таму ў мяне склалася мая, асабістая, думка, што, магчыма, гэта частка нейкіх дамоўленасьцяў. Юры, мабыць палічыў, што такімі заявамі ён дапамагае сабе, сваёй сям’і.

Гэта чыста палітычная справа. Для мяне палітычны складнік гэтай справы выцякае зь дзеяньняў супрацоўнікаў КДБ, які яны самі вырашылі зрабіць публічным. Няважна, што кажа Юры, важна, што супрацоўнік КДБ дазваляе пусьціць у эфір», — кажа Міхаіл Кірылюк.

Адвакат таксама мяркуе, што прызнаньне Юры робіць пад ціскам, пад прымусам.

На відэа ён мне здаўся чалавекам запалоханым. Людзі, якія яго ведаюць, гавораць, што Юры — добры аратар, эмацыйны прамоўца, харызматычны, з добрым тэмпам гаворкі, з жэстыкуляцыяй. А на кадрах мы бачым чалавека бязь мімікі, бяз жэстаў, у якога бязвольна вісяць рукі. Такое ўражаньне, што ён прамаўляе, чытаючы на „тэлесуфлёры“.

Але, калі я зь ім бачыўся, ён ужо выглядаў лепей. Я кантактую з жонкай Юрыя Алесяй, яна прасіла перадаць, што дзеці ў бясьпецы, сама яна таксама. І калі Юры гэта пачуў, мне здалося, яму стала лягчэй, бо ў яго былі сумневы», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі адвакат.

«Мая задача — дамагацца поўнага апраўданьня Васкрасенскага»

Міхаіл Кірылюк кажа, што ў Васкрасенскага цяпер два абаронцы. І яны маюць намер абскардзіць меру стрыманьня, бо, на іх думку, Васкрасенскі не крымінальнік, а сур’ёзны бізнэсовец, які мае фірму ў Парку высокіх тэхналёгій.

Ён даўно мог „зваліць“ з краіны і бязьбедна жыць за мяжой. Але Юры перажывае за Беларусь. Я перакананы, што няма падставаў трымаць яго пад арыштам, у яго няма падставаў уцякаць. Яго затрымалі ў палітычнай справе. Утрыманьне яго ў турме КДБ — гэта элемэнт ціску.

Мая задача — дамагацца поўнага апраўданьня Васкрасенскага. Бо, акрамя прызнаньняў, павінны быць факты, доказы, а іх няма», — кажа адвакат Юрыя Васкрасенскага Міхаіл Кірылюк.

Узята з сайта: https://www.svaboda.org/a/30810029.html

ГлавнаяНовостиБізнэсоўцу, які ў эфіры БТ заклікаў «не пратэставаць, каб захаваць Беларусь», пагражае да 8 гадоў турмы