Як паводзіць сябе на допыце? Парады юрыстаў

02.09.2020

Усё больш людзей у Беларусі выклікаюць у Следчы камітэт і міліцыю з прычыны масавых пратэстаў і забастовак. З гэтай нагоды мы паразмаўлялі з юрыстамі пра тое, як сябе паводзіць са следчымі.

1. Дамоўцеся з адвакатам

Адвакат Міхаіл Кірылюк раіць загадзя заключыць дамову з адвакатам. Крытэр неабходнасці абаронцы просты – «калі вы пра гэта думаеце, то, мабыць, вам гэта патрэбна».

«Калі вы дайшлі да таго, што пачынаеце пра гэта думаць, то, мабыць, трэба. Гэта [заключэнне дамовы. – Рэд. Belsat.eu] бясплатна. Сам факт заключэння дамовы не значыць, што вы гэтаму адвакату плаціце кожны месяц. Гэта значыць толькі тое, што, калі вы патрапілі ў нейкую сітуацыю, вы можаце разлічваць на ягоную дапамогу», – падкрэсліў юрыст.

Ён дадаў, што ў Беларусі менш за 3000 адвакатаў, а пацярпелых ад апошніх дзеянняў міліцыі – 7000. Таму, паводле суразмоўцы, у адвакатаў у Беларусі зараз гарачы час, і лепш заключыць дамовы адразу з двума-трыма абаронцамі, каб падстрахаваць сябе на выпадак занятасці каго-небудзь з адвакатаў.

2. Вывучыце нумар на памяць

Міхаіл Кірылюк раіць вывучыць тэлефон адваката на памяць.

«І калі вас выклікалі ці прывезлі на допыт у Следчы камітэт, першае, што вы кажаце, – гэта згода даваць паказанні толькі ў прысутнасці свайго адваката. «Вось яго нумар, давайце выклікайце яго. І калі ён будзе, я буду працягваць размову». І больш нічога можна не казаць», – адзначыў юрыст.

Адвакат падкрэсліў, што чалавеку перад высоўваннем абвінавачання павінны даць магчымасць паразмаўляць з адвакатам. Гэтае права, паводле яго, таксама трэба выкарыстоўваць.

3. Не сведчыце супраць сябе

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзь Лабковіч заклікае памятаць пра тое, што ў артыкуле 27 Канстытуцыі і ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе Беларусі запісана: чалавек мае права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх. Пры гэтым ад сведкі будуць патрабаваць дачы паказанняў, бо адмова сведкі ад паказанняў таксама будзе карацца.

«Але на гэта трэба казаць, што вы не ўхіляецеся ад дачы паказанняў, а проста не хочаце адказваць на гэтае пытанне. І так можна не адказваць хоць на ўсе пытанні. І не трэба тлумачыць, чаму вы лічыце, што той ці іншы адказ, можа нанесці шкоду чалавеку ці ягоным блізкім. Ён сам можа для сябе гэта ўсё вырашыць. Таму мы раім заўсёды для таго, каб не нагаварыць лішняга і не агаварыць або сябе, або іншых грамадзянаў, не сумнявацца і карыстацца артыкулам 27-м», – заявіў Уладзь Лабковіч.

Ён адзначыў, што падчас допытаў могуць выкарыстоўвацца розныя методыкі разгаварыць людзей, асабліва недасведчаных.

«Таму, каб усе гэтыя хітрыкі не працавалі, варта карыстацца сваім канстытуцыйным правам і не даваць паказанняў, калі чалавек лічыць, што яны могуць нашкодзіць яму або чальцам ягонай сям’і. Следчыя гадамі вучаць правілы правядзення допытаў, якія ўвесь час удасканальваюцца. Гэта не толькі працэсуальная працэдура, але і псіхаэмацыйная. Таму самае істотнае – не спрабаваць гуляць на полі следчага, які мае досвед у допытах. Калі вы ў нечым сумняецеся, лепш карыстацца сваім канстытуцыйным правам.

Тым, каго затрымліваюць за ўдзел ці арганізацыю забастовак, праваабаронца параіў памятаць, што забастоўка прадугледжаная беларускім заканадаўствам і з’яўляецца законным метадам барацьбы чалавека за свае правы.

4. Запамінайце прыкметы

Міхаіл Кірылюк таксама даў параду на выпадак збіцця прадстаўнікамі сілавых органаў затрыманых. Безумоўна, такія дзеянні незаконныя, але супраціўляцца не варта.

«Я не Рэмба, не змагу разбурыць муры турмы і выскачыць», – дадаў адвакат.

Пры гэтым ён параіў спрабаваць запомніць адметныя прыкметы тых, хто парушае закон, каб «у наступным гэтыя людзі былі знойдзеныя і былі прыцягнутыя да адказнасці, бо гэта цяжкае злачынства». А калі злачынства адбываецца з дапамогай службовага становішча, то гэта абцяжарвае віну.

Узята з сайта: https://belsat.eu/news/yak-pavodzits-syabe-na-dopytse-parady-yurystau/

ГлавнаяНовостиЯк паводзіць сябе на допыце? Парады юрыстаў